Вернуться на главную

Скуль узяўся-пайшоў Цукеркавы фэст?..

Дзіва году – АСАЛОДА!

Івянецкі Цукеркавы фэст… Чацвёрты год Смачная вандроўка ў гісторыю з’ядноўвае ахвочых пазнаць свой Край і вядзе ў незвычайныя прыгоды. Ды яшчэ й падсалоджвае дзень ласункамі!

                Чацвёрты год мы ўсе разам, маладыя і сталыя,  івенчукі ды госці, шукаем чароўную цукерыну, патрапляючы ў далёкую прамінуласць, дзе жылі і ўчынялі лёсы слынныя продкі.

                І вось на старой панскай сядзібе штогоду ажываюць паданьні пра ўзнікненне Івянца, велічна з’яўляецца заснавальнік мястэчка мудры князь Вітаўт і абвяшчае ўсю прастору Вялікім княствам Ласавання.

                Але перад гэтым… Перад гэтым, як і здараецца ў казачных падарожжах, змагаюцца Святло і Цемра, Дабро і Ліха за валоданьне магічным ключом ад Фэсту і ад прыцягальна-салодкага Княства.

                Перамагаюць, вядома, апекуны Івянца – князі, што валадарылі тут з веку ў век.  І нават Люты Змей, пажадны захапіць уладу над Смакатой, пераходзіць урэшце на бок Праўды. А Пушчавік, Лясныя Дзівы, Жар-Птах і Рыцары бароняць гэты райскі куточак блізу Налібоцкай пушчы ад усялякіх нягод і нашэсцяў харобра і неадступна.

Тым часам “былы гаспадар сядзібы” пан Дарагунцаў збірае ўсіх пахаджан да частавання.

                Дзіва дзіўнае, але так яшчэ здараецца на зямлі продкаў: казка робіцца быліцай, прывіды гуляюцца з малечай, а крылаты вершнік пралятае на сваім адданым кані, як ваяр-ахоўнік з далёкай мінуласці. Рамеснікі ж, гандляры, майстры і мастакі прывозяць на Фэст старадаўнасць і сучаснасць, традыцыю і вынаходніцтва.

                Спамінаюцца тут, сярод людзей добрых, і звычаі кухарскія: чаго толькі ні пакаштуеш з этнічнай самабранкі Гільдыі шэф-кухараў Беларусі!

Тым больш, што сёлета Цукеркавы фэст “перакачаваў” з летняй пары сонцазвароту на самы парог восені – у верасень, калі шчодрая прырода адорвае людзтва ўсялякімі дабротамі-смакотамі, і ласавацца на старой панскай сядзібе – усяго ўдосталь. 

А ўсё ж… да звыклай ужо дэгустацыі  ды шырокай продажы розных цукерак дадаецца… вясёлая праца Хаткі-шакаладкі. І ў ёй, у незвычайнай Хатцы-Шакаладцы, будзе “гаспадарыць” Шакаладны фантан.

Ці выпадаў вам калі шанец раптам, фантастычна перамясціцца ў Францыю?  А Хатка-Шакаладка такое прыемнае падарожжа ўладуе, вабна і нязмушана: смакуючы ФАНДЗЮ – кусманчыкі сьпелай садавіны, густа аблітыя шакаладам, што спакуснымі хвалямі спадае з адмысловага фантану, задавальняй сабе міжволі прагу да саладункаў - нават самую нястрымную…

Ды й танцы, карагоды, пацехі, віктарыны-конкурсы гэтаксама “выбухаюць” тут, у лёгкай, карункавай прасторы фэсту, шыкоўным прыцягальным фантанам – выбірай на ўсе густы. Музыкі граюць нястомна, моладзь танчыць неўтаймоўна, а спевы абдымаюць усё наваколле.   

Затое потым… Потым самыя адметныя ўдзельнікі Верасовай Студыі, што разгорне працу на фэставай сядзібе, атрымаюць пасвячэнне ў ганаровыя грамадзяне ВКЛ

Спытаеце, што ж гэта за Верасовая студыя такая і што ў ёй мае дзеіцца?.. Ды ўвесь фэст неўпрыкмет штогоду ператвараецца ў студыю. У  мастацкую студыю, што дае права і выбар ствараць хараство, радасць і святло. Напэўна, так усе нашы творчыя памкненні й спаўняюцца, набываюць рэальны воблік – у  шчыльным звязе мінуласці з будучыняй, у суполлі кожнага з кожным, усталяваным тут і цяпер, у насталым дні.  

Але ўсё-ткі Верасовая студыя цяпер, увосень,непадробная. Таемная брама творчасці адчыніцца тут упершыню: блізу багатага Цукеркавага Дрэва мае стацца нешта дзіўнае… Бо сама ж старавечная багіня Жыва ахінае кожнага стваральніка фэсту цеплынёй і ласкавасцю. Кажуць, яна некалі жыла ў гэтых пушчанскіх абшарах і аберагала першых насельнікаў мястэчка. Кажуць, і найменне тады сёньняшні невялічкі гарадок меў жыццясцвярджальнае – ЖЫВЯНЕЦ.  Мабыць, з тае прадаўнасці якраз і доўжыцца добры звычай збірацца разам і святкаваць САМОЕ ЖЫЦЦЁ, надаваць яму салодкі водар шчасця?.. 

Цукеркавы фэст… Змаўкае гамана і… застаецца цёплы спамін пра сустрэчу з Салодкай Паннай, што рассыпае ў дар цукеркі - за мудрасць, кемнасць, спрыт і ўмельства, з божышчам уцех і забаў Насалодам, што вядзе фэставы рэй аж да самага бліскавічнага фаер-шоу.

Застаюцца ў паветры карамельны водар, празрыстая мелодыя фэставай песні і водбліскі вогнішчаў. Застаецца мара патрапіць у Вялікае Княства Ласавання зноў ды ўсмак падэгуставаць новыя прыдумкі кандытараў, удзячна павезці дамоў пакункі набытых прысмакаў і адмысловыя вырабы майстроў.    

Аднак жа ня толькі на кароткія ўрокі смакавання збірае Верасовы фэстТэатр “Майстэрня ўражанняў”, вандроўны тэатрык “Гістрыён”, конна-спартовы клуб “Залатая шпора”, клуб гістарычнага танца “Версаль”, гурты  “Хорціца”, “Літы талер”, “Лютавер’е”, “На таку”, “Сёмуха”, Hardwood, Dzivasil, “Вырай”, “Ракаўскі гасцінец” і “Тутэйшая шляхта” ды іншыя сутворцы РАДАСЦІ спраўна “зарганізуюць перасяленнне душ” у старажытнасць. Ці хаця б… часовага адсялення з пыльнага і мітуслівага гораду.

А ўжо найгалоўны наш госць – знакаміты фольк-рокгурт “PAWA”, што ўпершыню завітае на фэст з намерам зладавання этнадыскатэкі, маем спадзеву, ператворыць былую панскую сядзібу ў танцпляц, на якім пераўзновіцца час - і жарсныя скокі ды спевы павяртаюць людзтва да каранёў, абуджаных рытмамі Традыцыі. Той векавечнай Традыцыі, якая мудра спалучае ў сабе ўсё – збытнасць і сучаснасць, насалоду і навучанне, знаёмствы і падарункі. Бо так было-чынілася некалі ў гэтым Краі нашымі папярэднікамі, якія ўмелі напоўна працаваць і захапляцца, любіць і марыць. І…ласавацца – не стамляцца!

Выказваем падзяку кампаніі “Уся Паліграфія”

23.08.2013