Хто знайшоў цукерыну шчасця?
Усё сталася так, як мелася быць: Цукеркавы фэст у Івянцы ўзварушыў спакой і ціхмянасць мястэчка і апоўначы неяк раптоўна, быццам яскра з вогненнага шоу, закончыўся. Бо казкі нязменна заканчваюцца - тое вядома ўсім. Заканчваюцца, зноў-такі неадменна ў вякох, перамогай. Завершылася й наша салодкая казка – казка-вандраванне ў гісторыю свайго Краю. І, як здараецца ў казцы, паўставалі тут перашкоды, якія давялося адольваць, трываючы выпрабаванні.
Да гонару ўсяе каманды, што вяла людзей дарогамі салодкага пазнання гісторыі, усе выпрабаванні мы адужалі. І выйшлі ў будучынь пераможцамі. Бо іначай казка папросту не збылася б. А дапусціць такое ніхто з нас ня мог: князі, рыцары, шляхта, Пушчавік, Насалод, розныя міфалагічныя істоты – усе ж яны таксама ў прадаўнасці маюць свой статус і адстойваюць векавечную годнасць. Нават Русалкі, што няспынна дзівіліся смачнаму святу. Нават люты Цмок, які змірэнча пагадзіўся ператварыцца на час фэсту ў лагоднага Цімоха. А тым больш Жар-птах, адораны здольнасцю цудным чынам прыхарошваць і падмалоджваць стомленых у зямных клопатах спадарынь і спадароў, раздаючы на шчасце залатое пер’е і маладзільныя яблыкі. Ну, а ўслед за ім падабрэў і двайнік ягоны – Жах-птах. Затым выявілі нейкую сваю праўду і здані, што туляліся ў ваколіцах старога панскага дому, і розныя пачваркі, звыклыя шкодзіць ды зламыснічаць…
Карацей, казка разгортвалася, як і належыць казцы: ліха ды цемра адступалі, адсланяліся, а святло і мудрасць урачыста ўзыходзілі над трымцлівай прасторай фэсту, поўнай радасці і даверу, цеплыні і надзеі. Дзеля таго ж насамрэч і задумляўся гэты незвычайны фэст – падарожжа ў свет паданняў і легенд, падсалоджанае цукеркамі нашай кампаніі. Дзеля таго мы склікалі народ у старажытнае мястэчка, абяцаючы адкрыцці і знаходкі, разгадкі таямніц і сустрэчы са слыннымі продкамі, з вялікім родам гэтай зямлі, распасцертай між Захаду і Ўсходу, між мінуласцю і прышласцю, між памяццю і марай.
Уцешна верыцца, што нашы спадзевы споўніліся: хто быў ахвочы ня толькі паласавацца саладункамі, але яшчэ й нешта ўведаць, намацаць свае этнічныя карані, каб нажывіцца магутнай сілай повязі і еднасці, той знайшоў-такі ключ ад куфра са скарбам. А каму карцела адно нахапацца ласункаў, таму на долю выпала трошку расчараванняў.
Якраз пра гэта - пра частункі салодкія і частункі інтэлектуальныя ды мастацкія - варта вось цяпер пагаварыць. Гэтак бы мовіць, насьпеў час. Бо казка, яна ж абавязкова нешта раскрывае, што было дагэтуль прыхавана, нешта падказвае, пра што дагэтуль не здагадваўся, і нечаму навучае, чаго й блізка дасюль ня ўмеў. Таму настае хвіля ісціны: а што ж мы ўсе разам уразумелі на доўгім шляху азнаямлення з традыцыямі папярэднікаў?.. Што змаглі пераняць з прадаўнасці, каб удзячліва перадаваць і далей, у рукі спадчыннікам? Бо зусім жа недарэмна ўвесь фэст зладоўваецца на паданнях пра Івянец і ягоных насельнікаў, якія жылі тут, кахалі, змагаліся з нягодамі некалі, да нас, і пакінулі па сабе прыкметны след і якія памкнёна збудоўваюць тут свае лёсы цяпер.
І зноўку натрапляем на знак (казкавая пуціна заўжды ўквечана знакамі – адно застаецца іх расчытваць і разумець): фэст Цукеркавы адбыўся сёлета трэці раз. А трэцім разам паслядоўна здараецца тое, што ёсць і з’явілася асновай - пачаткам і вынікам - пэўнае дзеі альбо падзеі.
І гэтак: да трэцяга фэсту мы добра-такі пабагацелі на сяброў і прыязнікаў. Гэтым летам ужо ня мы расшуквалі музыкаў ды апавядальнікаў івянецкай гісторыі, але яны самі прыходзілі нам на падмогу. А як жа іначай: тыя паданні, што ажываюць на фэсце, прыцягальна вабяць у сваё магічнае кола ўсё новых і новых шукальнікаў найбагатшага скарбу ў свеце – скарбу духовага. Здавалася б, нічога звышардынарнага на нашым фэсце не адбываецца. А вось пачуванне ратункавай прыналежнасці да Бацькаўшчыны знекуль “вырастае” і мацуецца. Прынамсі, шмат хто са сталых наведнікаў шчыра ў гэтым прызнаецца. Чым вам не скарб – ведаць, што ты не адзінокі, не самотны на сваёй Айчыне, што за табой і перад табой абарончая сіла цэлага народу, з’яднанага, злучанага ў часе і прасторы агульнай гісторыяй, агульнымі звычаямі, агульнай мовай (хай сабе й знямелай у сённяшніх умовах забыцця) і агульнымі здабыткамі?
Аднак у гэтай плашчыні – вышуку скарбу – якраз і ўзніклі некаторыя недарэчнасці. Відаць, немалая частка нашых сучаснікаў, якія збіраюцца ўжо каторы год на фэст, найперш маюць намер займець як найбольш цукерак. Ды яшчэ й задарма. Маўляў, таксама скарб, і не які-небудзь абстрактна-міфічны, а цалкам матэрыяльны – можна ўдосталь насмакавацца. І ўсе гэтыя чаканні выглядаюць зусім натуральнымі: фэст жа цу-кер-ка-вы. Закавыка крыху ў іншым: чым больш ласункаў кампанія “Івкон” гатова раздорваць, тым вастрэй паўстаюць пытанні этычныя. Па ўсім бачна, з этыкай у нашага людства адносіны надта ж хваравітыя. Бо як яшчэ расцэньваць тое, што адбывалася на фэставай сядзібе два гады запар, калі па цукеркі кідаліся гвалтам, папіхаючы і старых і малых, збіваючы з ног валантораў, якія разносілі пачастункі з памкненнем, каб дасталося ўсім? Ды хапалі сабе на спажыў найбольш нахабныя і спрытныя, а чалавек інтэлігентны папросту патрапляў у агрэсіўнае поле пажаднасці і прагнасці.
Дзіва дзіўнае, але, здаецца, у нашым грамадстве дабрачыннасць абуджае не высакародныя праявы душы, а роўна наадварот: частка святочнага люду, як толькі заўважае дзе-кольвек праяву тае самае дабрачыннасці, раптам ператвараецца ў сквапнікаў, толькі й здатных урваць і прысвоіць…
Гэткім чынам, раздадзеныя на першых двух фэстах дзве і паўтары тоны цукерак, адпаведна, ня тое каб выклікалі рэакцыю ўдзякі і павагі адно да другога, а справакавалі ледзь ня свары і бойкі за які пачачак карамелі. Вось вам і адказ, чаму цяпер, на трэцім фэсце, “Івкон” абмежаваў дарункавасць. Мы доўга і настойліва вышуквалі нейкі адмысловы прынцып раздавання саладункаў, які дазволіў бы і ўсіх пачаставаць і не справакаваць гэтым разам лаянак ды праяў злосці і бескультур’я.
Прыдумалася ўрэшце ня надта арыгінальная з’ява: прапанаваць пакуначкі цукерак на падыходзе нашага маляўнічага шэсця да фэставай сядзібы. Тут ужо адыгрываў сваё шанцунак: каму пашчасціць на той пакуначак натрапіць, а каму й не… Дык, зрэшты, гэтак ці не штодня з намі адбываецца ў вялікіх гарадах: маркетолагі завабліваюць у бутыкі ды крамы падобным спосабам, і заўсёды некаму выпадае атрымаць падарунак, а нехта застаецца ні з чым.
Затое… Затое мы трошку ўпарадкавалі нарэшце безладзь, якая панавала цягам двух гадоў блізу кропак раздавання цукерак. І заадно прастымулявалі дзяцей ды моладзь на ўдзел у гульнях, конкурсах і віктарынах: менавіта за ўдзел і перамогу ў разнастайных спаборніцтвах – ад спартовых да мастацкіх і гістарычных – дзятва шчасліва ласавалася нашымі салодкімі прысмакамі. Дый малечы (гэтак да гадоў сямі) і людзі паважнага веку таксама атрымалі ад кампаніі невялічкія дарункі.
Цяпер выказваюць крыўды некаторыя наведнікі фэсту, якім не ўдалося павезці дамоў, параўнальна з прамінулымі гадамі, поўных кайстраў цукерак: маўляў, зусім дарэмная паездка выйшла. Дыя яшчэ да нейкіх “глупотных” гульняў змушалі. Што тут скажаш? У кожнага свая матывацыя. Спадарыня, відаць, не шкадавала сваёй сілы дабрацца да Івянца дзеля збірання пачастункаў ажно на некалькі торбаў. А пра падзяку забылася. Некаторыя ж умеюць падзячыць і за жменьку саладункаў і за працу актораў ды музыкаў. Бо фэст, як і ўсялякая шматлюдная падзея, выяўляе ўзровень нашай унутранай культуры і самапавагі: адзін вымярае гэта кілямі нахапанай дарэмшчыны, а іншы – настроем, энэргетыкай, узаемаабменам інфармацыяй. Такіх з’яў не адрэгламентуеш.
Аднак мы, кампанія “Івкон”, удзячныя – і тым, хто з намі радаваўся (склалася ўжо своеасаблівая фэставая супольнасць!), і тым, хто падказвае нам недахопы, крытыкуе і нават абураецца. Бо навука ж ніколі не зашкодзіць! А не памыляецца толькі той, хто нічога ня робіць. Мы ж з году ў год, прыслухоўвачыся да людскіх заўваг, удасканальваемся і пераствараем Цукеркавы фэст штогоду наноў, дапаўняючы мастацкую тканку новымі элемэнтамі з традыцыйнага местачковага грунту.
А вось тут варта запыніцца: шмат хто з нашых гасцей, з усяго відаць, чакаюць ад кожнага фэсту нейкага наватарства. Бо ўсё часцей сыплюцца дакоры такога кшталту: усё адно й тое ж, нічога не мяняецца.
Так, насамрэч у сюжэтнай лініі фэсту анічога не змяняецца. Хіба з’яўляюцца не знаёмыя яшчэ публіцы пэрсанажы ды паказваюць узоры творчасці інакшыя, чым раней, музыкі, спевакі, выканаўцы старадаўніх танцаў. А справа ў тым, што асноўнай мэтай нашага фэсту якраз і ёсць нязменнасць сюжэту. Калі хочаце, звучэннне да яго івенчукоў і наежджых прыхільнікаў старавечнай этнічнай культуры. Бо адпачатна мы збудоўваем усю тэатралізаваную дзею (паўтару ўжо азначанае мною!) на паданнях пра ўзнікненне мястэчка Івянец. Навошта і чаму гэтак? Ды таму, што паданняў ніхто ў свеце не перарабляе: яны - факт мінуўшчыны. А мінуўшчына, як вядома, пад наша ўмяшанне не падпадае.
Па ўсёй старой і памятлівай Эўропе падобныя фэсты, заснаваныя на народнай міфатворчасці, жывуць у пэўным месцы і за пэўным часам дзясяткамі гадоў. Дзеля чаго? – спытаеце. Дзеля ўдзелу ў масавай мастацкай дзеі саміх жыхароў якога селішча і гасцей з усіх краёў свету. Так было спрадвек і на зямлі нашай. Як ня верыце, дык наведайце хоць адзін з традыцыйных фэстаў у Вільні: там нічога не зруйнавана, і кожны ведае, ШТО адбываецца, ШТО гэта азначае для яго, ягонай сям’і і ягонай краіны ў плыні гісторыі ды ЯК у гэта ўлучыцца – каб нажывіцца светлай моцы з крыніц вечнага існавання роду. Бо нічога з таго, што ведалі нашы з вамі продкі, нікуды не знікае, усё гатова надаваць нам любові і радасці жыць, святла і веры, каб збудоўваць будучынь. І роўна праз такія фэсты, наскрозь пранізаныя энэргіяй нашай гістарычнай магуты і годнасці, толькі й магчыма вярнуцца да адзінага на ўсіх вытоку – да вытоку мудрасці і ладу.
А каб вярнуцца, трэба перадусім павярнуцца – павярнуцца ў той бок, скуль узыходзіць сонца нашай нацыянальнай неўміручасці. Бо толькі той мае пэрспэктыву, хто адчувае і зберагае карані. Хто вядзе нітво сваёй долі ад папярэднікаў да наступнікаў так беражліва, каб не абарвалася лучнасць часоў і пакаленняў. Кампанія “Івкон” узяла на сябе адвагу павесці ўсіх ахвочых шляхам вясёлага, салодкага спазнання жыццядайнай сілы роду. І ў гэтай добрай дарозе мы мяняем толькі фарбы, але ня змест.
Таму, збіраючыся на Цукеркавы фэст наступны, не дзівіцеся, што трэба ехаць у Івянец: казка сама ў дом не прыходзіць, у яе трэба зайсці, гатовым да выпрабаванняў на мужнасць, чысціню і сумленнасць. Івянцу выпала стаць тым містычным мастком, што пралёг між казкай і рэчаіснасцю. Бо менавіта ў Івянцы з’яўляюцца на свет цукеркі, якімі шчодра частуе фэст. І цукерыну шчасця таксама шукаюць таму менавіта ў Івянцы, штогоду, перад сонцазваротам, апярэджваючы пошукі купальскай папараць-кветкі.
А дарога да цуду – самі ж ведаеце – вымагае немалых высілкаў. Бо й яна, дарога, правярае нас на ўстойлівасць і адданасць. І заклікаць, падвозіць да цуду, да дзіва “Івкон” ніколі, папраўдзе, не намерваўся: хочаш патрапіць у прастору, інакшую за панылую штодзённасць, хочаш правесці дзень з насалодай, - парупся, каб гэта табе дасталося. Такі закон казкі. Аніводная казка не вымалёўвае герою высланай золатам, лёгкай пуцявіны, каралеўскіх палацаў у якасці гатэлю ды россыпу смакоццяў “бяры не хачу”. Здабывайце, спадарства, здабывайце – трошкі ведаў, трошкі асалоды, трошкі пацех і смеху. А трошкі й жаху… А як жа знайсці скарб, не адужаўшы ўсярэдзіне сябе страх? Казка, яна ж якраз і ёсць тым гаючым лекам, што пазбаўляе нас баязлівасці і здраднасці. А ўжо хто з яе што здатны чарпануць, нам загадзя не вядома.
Магчыма, той, хто вышукваў танных (альбо й дарэмных) паслуг і сэрвісу, нічога сам не гатовы аддаць і ўкласці – ані часу, ні цярпення, ні даравання, ні спагады – якраз і прамінуў момант спаткання з радасцю. Магчыма, напрыдумляў сабе неверагодных ілюзій – завязуць, адвязуць, адораць, паселяць, пасцелюць, прафэсійнае відовішча пакажуць і нават у прыбіральню за ручку зводзяць. Так, мае любыя, у казках не бывае. Якраз у нашай рэчаіснасці можна схітраваць, падмануць, ухапіць, здрадзіць і… пакрыўдзіцца за тое на некага іншага. А казка – штука суровая: што зладаваў, тое й атрымаў. Таму невідушчаму ў казцы нават і прыбіральні, бывае, нябачна, і дэгустацыя ад яго ўзяла ды схавалася (а насамрэч працавала да 20.00 вечара), і рыцары ды шляхта раптам “няправільнымі” падаліся (нібыта бываюць прафэсіяналы рыцары, князі, пушчавікі, русалкі ці яшчэ хто з нашых стваральнікаў фэсту…). Дый музыкі ці спевакі, акторы ці ўланы прафэсійна казкі не ўчыняюць, а папросту вераць у дабро, якое магчыма знайсці нават у занядбанай пушчы ці на руінах былой раскошы, калі… раскрываеш да таго сэрца.
На тое ж яна й казка, каб раскрыліся сэрцы і пасвятлелі думкі. І таго, з кім гэткі цуд здарыўся, наша фэставая казка вывела да цукерыны шчасця – да скарбу, які адорвае здольнасцю бачыць нябачнае, чуць нячутнае і гаварыць ня голасам, але душой. Гэткіх назбіралася, дзякуй Вышняму, дастаткова, каму важны быў чын ДАРУ. “Івкон” жа не спаганяў а ні зкога аніякай платы за ўваход у атмасфэру фэсту, не адгароджваўся платамі і заслонамі. “Івкон” радасна дарыў мажлівасць пакаштаваць цукеркі сваёй, івянецкай, вытворчасці ды хоць адным дотыкам дакрануцца да ўцалелай у няспынных войнах і рэзрухах тканкі народнай культуры.
А каму дарога ў казку выпала горкаю, каму, цынічна-авантурна выправіўшыся ў недалёкі шлях (усяго толькі 70 км), не хапіла мудроты зразумець, што дар і дарога каштуюць дарагога – умельства самому здабыць жаданае, перад тымі ляжыць яшчэ доўгі шлях паразумення: з сабой і са светам. Бо чым больш чалавек ускладае спадзеваў на вырашэнне праблем , паўсталых перад ім, некім іншым, тым часцей ён будзе патрапляць у сітуацыі неспрыяння: калі і ехаць выпадае нязручна-некамфортна, і чэргі па цукеркі занадта вялікія, і прыбіральні знячэўку пахаваліся (замест чатырох відная толькі адна), і ўся дзея не даспадобы, і вярнуцца ў Мінск няма з кім. Так урэшце й складаецца, што, нічога, акрамя злосці, не адчуўшы, даводзіцца пасярод фэсту кіраваць дамоў, хоць наперадзе – самыя цікавосткі! Так жорстка і бескампрамісна расстаўляе акцэнты казка: хочаш гатовага – не займееш ніякага.
А, між тым, па ўсім белым свеце падарожнікі сходжваюць тысячы кіламэтраў, каб вынайсці жменьку ведаў і радасці, анічога не патрабуючы: дабіраюцца да самых аддаленых куточкаў планеты без выгод і льгот, начуюць у чыстым полі ў намётах, гатуюць наедак, як у першабытнасці і… шчасліва дзячаць тым мясцінам, што прытуляюць іх і саграюць. Хораша, што шырыцца гэткі вандроўны рух і ў нашых краях. Толькі выглядае смяхотна, калі журналіст ня ўмее сам даехаць да месца свайго камандыравання, авантурысты скардзяцца на нязручнасці авантуры, а нейкая спадарыня ганарыста абвяшчае на ўсю Беларусь (інтэрнэт усё сцерпіць!) пра сваё глыбокае расчараванне: не прывезла мяхоў цукерак, як раней, не насыпалі, не далі, абдзялілі.
Здаецца, варта ўдумліва разважыць: што ж адбываецца з намі, насельнікамі гэтай цёплай і літасцівай зямлі, што мы так і шукаем мізэрнай мажлівасці напасці на таго, хто нешта мала-мальскі робіць, і па-ліхвярску кідаемся на ўсялякую спажыву, каб урваць сабе, адабраўшы ў іншага? Гэта сімптомы ўсё яшчэ жабрацкага сацыялістычнага мыслення: “ствары і дай, а я асуджу”? Ці нейкае навала чужынскай псіхалогіі? Бо дзяды-прадзеды нашы усё разумелі ды ўчынялі інакш. І якраз пра гэта наш фэст – пра ДАБРАЧЫННАСЦь.
Якраз гэта ціха і сціпла засведчыла на фэсце Гільдыя шэф-кухараў Беларусі: цэлы дзень адмыслоўцы-кухары працавалі ў ня надта прыстасаванай пакуль мясцовай карчме, гатуючы розныя этнічныя стравы і прапаноўваючы пасмакаваць іх людству, каб… Каб заробленыя сродкі пералічыць на падмогу дзеткам івянецкага дому-інтэрнату. Бо вось гэтак толькі й мажліва адчуць насалоду: калі маеш што аддаць узамен на прынятае.
Дык і хто – мяркуеце – знайшоў цукерыну шчасця? Мы, кампанія “Івкон”, ведаем. А вы здагадваецеся?
Антаніна Хатэнка, аўтар праекту “Цукеркавы фэст”